СУБАРКТЫ́ЧНЫ ПО́ЯС, субарктыка,
прыродны геагр. пояс у Паўн. паўшар’і паміж умераным поясам і арктычным поясам, у межах ад 60—65° да 67—73° паўн. ш. Межы вызначаюцца сезоннымі перамяшчэннямі атм. фронту, што раздзяляе паветра арктычнае і ўмераных шырот; а таксама напрамкам цёплых і халодных цячэнняў, пашырэннем сезонных ільдоў. Клімат халодны. Сярэднія т-ры студз. на мацерыках і астравах ад -5 °C да -40 °C, ліп. 5—12 °C. Летам пераважаюць зах. перанос паветраных мас умераных шырот і цыклоны, зімой — арктычнае паветра і антыцыклоны. Ападкаў 300—500 мм за год. Снегавое покрыва 8 месяцаў. Характэрны шматгадовая мерзлата і звязаныя з ёй формы рэльефу; моцная забалочанасць. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. На Пн пояса — тундравая зона, на Пд — лесатундравая зона. У паўн.-амер. і еўрап.-азіяцкім С.п. вылучаюць па 2 прыакіянічныя і па 1 кантынентальнаму сектару. Значная ч. акіянскай прасторы ў С.п. замярзае, воды халодныя (10—5 °C), маюць высокую біял. прадукцыйнасць (вял. колькасць планктону, рыб і інш.).
А.Я.Яротаў.
т. 15, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)